У нашых лясах сустракаецца алень высакародны – млекакормячая жывёла, сям’і аленевых, атрада парнакапытных. Гэта жывёла здаўна вадзілася на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У пачатку 19-га стагоддзя была поўнасцю знішчана. Аленяў прывезлі з Сілезіі, Бельгіі, Польшчы, Аўстрыі, Германіі ў Белавежскую пушчу.
Жыве ў шырокалістных і змешаных лясах з добра развітымі падлескамі, прагалінамі, паблізу вадаёмаў і лугоў. У паляўнічых гаспадарках хутка павялічваецца колькасць аленяў у выніку ажыццяўлення комплексу біятэхнічных мерапрыемстваў, асноўная з іх – ахова і падкормка аленяў. Перыяд падкормкі з 1 снежня да 1 красавіка. Выкарыстоўваюць сена, авёс, сілас, жалуды, карняплоды, галінкавы корм, мінеральную падкормку, у моцныя маразы – канцэнтраваныя кармы.
Даўжыня цела прыблізна 180-230 см., вышыня 120-150 см., маса самак 96-160 кг., самцоў – 132-234 кг; валасняковае покрыва шэрае або рыжавата-бурае, у маладых плямістае. Рогі толькі ў самцоў, разгаланаваныя, штогод у сакавіку-красавіку спадаюць, да ліпеня адрастаюць зноў. Як вы бачыце, у нашай экспазіцыі самка. Корміцца лісцем і парасткамі хвоі, ясеня, каліны, рабіны, дуба, крушыны, чарніц, вясной таксама травяністай расліннасцю, зімой – карой, пупышкамі і парасткамі дрэў і кустоў. Ахоўваецца, перспектыўны для рэакліматызацыі ва ўсіх зонах Беларусі, але пры высокай шчыльнасці засялення шкодзіць лесааднаўленню.